30–31 Серпень, 2017
Дамінантнай фігурай у гандлёвай сферы беларускага рэгіёна ў канцы ХVIII – першай трэці ХIХ ст. з’яўлялася гільдыйскае купецтва. Станаўленню гандлёва-прадпрымальніцкай функцыі гільдыйскіх купцоў садзейнічалі працэсы, якія адбываліся ў заканадаўча-прававой сферы Расійскай дзяржавы ў акрэслены перыяд. На сярэдзіну 1780-х гг. прыпадае канчатковае афармленне падзелу купецтва на тры гільдыі. У аснову гэткага размежавання быў пакладзены маёмасны цэнз, які паступова ўзрастаў у канцы ХVIII - першай чвэрці ХIХ ст. З 1775 г. па 1807 г. мінімальны памер абвяшчаемага капітала ўзрос для купцоў 1-й гільдыі ў пяць разоў, для 2-й гільдыі - ў дваццаць разоў, для 3-й гільдыі - ў шаснаццаць разоў. Паралельна з ім павялічваўся гільдыйскі збор. Гандлёвае абкладанне, лічачыся з рознымі саслоўнымі правамі, было нераўнамерным і не ўсеагульным – гэта быў свайго рода гандлёвы падатак, які спаганяўся не па памерах гандлю, не па нейкаму дакладна вызначанаму прамысловаму кадастру, а па сумах добраахвотна заяўленых кожнай асобай капіталаў. Захады з боку ўрада аптымізаваць гандлёвыя працэсы выліліся ў прыняцце патэнтнай сістэмы (1824г.).